Расійскія аўтапастаўшчыкі знайшлі спосаб істотна зэканоміць на ўвозе легкавіка з Еўропы праз Беларусь. Падрабязнасці расказаў тэлеграм-канал Baza.
З 1 красавіка ў Расіі ўступаюць у сілу змяненні, закліканыя закрыць папулярную схему ўвозу ў РФ аўтамабіляў праз краіны Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Як паведамляе pravda.ru, цяпер падчас растаможкі легкавікоў з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі ўтылізацыйны збор будзе разлічвацца па адзінай формуле, якая выключае магчымасць заніжэння мытнага кошту.
Раней прыватныя асобы маглі ўвозіць аўтамабілі з гэтых краін, выплачваючы значна ніжэйшыя мытныя пошліны і ўтыльзбор па месцы куплі ўнутры саюза. Цяпер жа прыватны ўвоз прыраўноўваецца да камерцыйнага.
Гэта значыць, што падчас увозу машыны з ЕАЭС у Расію будзе дадаткова налічвацца розніца паміж льготнай стаўкай, выплачанай у краіне саюза, і стандартнай расійскай стаўкай. Гэтая розніца будзе ўключаная ў збор утылізацыі, пісала выданне Region_auto.
Як паведамляе Baza, на гэтым фоне расійскія прадаўцы аўтамабіляў хутка зарыентаваліся і прыдумалі новую схему. Цяпер пакупніку афармляюць від на жыхарства ў Беларусі, туды ж завозяць аўтамабіль, пасля чаго машыну рэгіструюць на кіроўцу ўжо паводле беларускіх правілаў. У выніку аўто трапляе да ўладальніка з мінімальнымі мытнымі плацяжамі.
Паводле разлікаў Baza, увоз BMW X5 2026 наўпрост у Расію абыдзецца прыкладна ў 13,9 млн рублёў (амаль 170 тысяч даляраў па курсе на 24 сакавіка 2026 года. — Заўв. рэд.), у той час як праз Беларусь з ВНЖ — каля 9,7 млн (118,3 тысячы даляраў).
З мінусаў, як адзначае Baza, — па Расіі «давядзецца ездзіць на беларускіх нумарах», а ўвесь працэс «расцягваецца прыкладна на паўгода».




