Прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў BELPOL Уладзімір Жыгар праз сістэму распазнавання твараў высветліў асобы людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Паводле Жыгара, гэтыя людзі былі правакатарамі. Іх фатаграфіі экс-сілавік апублікаваў у Facebook.
«У гадавіну падзей 2006 года я заўсёды пераглядаю фільм Юрыя Хашчавацкага „Плошча“. І гэтым разам вырашыў праверыць, хто ж былі тыя правакатары ў 2006 годзе. Тым больш што сістэма распазнавання твараў ёсць, базы таксама. Нічога дзіўнага: двое судзімых. Неаднаразова судзімы жыхар Мінска Маёраў Дзмітрый. Ён акурат 13 сакавіка 2006 года (акцыі пратэсту пачаліся 19 сакавіка 2006 года. — Заўв. рэд.) быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай (зразумела чаму). У далейшым Маёраву такая дапамога не асабліва дапамагла: яшчэ плюс дзве судзімасці. Другі — ураджэнец Свярдлоўска Усцінаў Андрэй. Таксама неаднаразова судзімы. Пры гэтым у 2008 годзе сам стаў ахвярай (цяжкія цялесныя пашкоджанні). Што характэрна, звестак пра яго працу пасля 2019 года няма. Затое ёсць поўны цёзка ў базе „Міратворац“, баявік ПВК Вагнера. Мы ўсіх памятаем. І памяць у нас добрая», — напісаў Жыгар.
Нагадаем, у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 года адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў у цэнтры беларускай сталіцы сабралася да 30 тысяч прыхільнікаў апазіцыйных кандыдатаў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. Той мітынг скончыўся пасля моцнай завеі, якая пачалася ў горадзе, а сама акцыя прайшла без затрыманняў. На наступны вечар, 20 сакавіка, актывісты, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, прынеслі турыстычныя намёты і арганізавалі намётавы гарадок, які прастаяў трое сутак. У ноч на 24 сакавіка яго разграмілі сілавікі.
Дакументальны фільм «Плошча» быў зняты Юрыем Хашчавацкім у 2006 годзе, у ім паказаныя кадры з акцый пратэсту.




