Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся выпусціць з тэрыторыі краіны літоўскія фуры, якія ўтрымліваліся ў Беларусі з восені 2025 года. Сітуацыя вырашылася пасля візіту амерыканскага спецпасланніка Джона Коўла спачатку ў Вільнюс, а потым у Мінск. Адначасова з гэтым беларускі бок істотна знізіў плату за вымушаную стаянку грузавікоў. Чаму ўлады пайшлі на саступкі і ці можа гэты крок стаць пачаткам выхаду Аляксандра Лукашэнкі з міжнароднай ізаляцыі? У новым выпуску шоу «Як гэта разумець» палітычны аналітык Арцём Шрайбман тлумачыць, якую цану Мінск выставіў за сваё рашэнне.
Цягам апошніх гадоў адносіны паміж Беларуссю і Літвой метадычна пагаршаліся. Да зацяжнога крызісу на мяжы дададліся інцыдэнты з метэазондамі, што прыводзіла да перабояў у працы аэрапорта Вільнюса. Закрыццё літоўскім бокам мяжы ў кастрычніку мінулага года справакавала рэакцыю ў адказ Мінска — забарону на перамяшчэнне літоўскіх фур па тэрыторыі Беларусі. У выніку гэтага яны не маглі пакінуць нашую краіну. Аднак пасля візіту спецпасланніка ЗША Джона Коўла Аляксандр Лукашэнка раптоўна даручыў адпусціць грузавікі, а тарыфы за іх захоўванне на спецстаянках прыкметна знізілі.
На думку палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана, такая згаворлівасць беларускіх уладаў прадыктаваная выключна прагматычным разлікам і негалоснымі дамоўленасцямі, дасягнутымі пры пасярэдніцтве Вашынгтона.
— Шары лётаць перасталі, а за стаянку фур нават зніжаюць расцэнкі. Такая дабрыня наўрад ці аднабаковая, — упэўнены Шрайбман. — Улічваючы, што і Джон Коўл заявіў пра прагрэс з боку Літвы, я думаю, яна мусіць даць нешта ў адказ. Хутчэй за ўсё, нейкую сустрэчу на высокім узроўні, пра якую Мінск прасіў, — альбо намеснікаў, альбо кіраўнікоў міністэрстваў замежных справаў.
Аналітык упэўнены, што магчымыя кантакты паміж беларускімі і літоўскімі ведамствамі наўрад ці прывядуць да зрухаў у адносінах паміж краінамі. Аднак для Мінска, які доўгія гады знаходзіцца ў дыпламатычнай ізаляцыі, нават фармальныя перамовы становяцца сур’ёзным дасягненнем. Да гэтага моманту ўлады Літвы прынцыпова адмаўляліся ад любых адносін з прадстаўнікамі Лукашэнкі, акрамя дыялогу на выключна тэхнічным узроўні.
— Мінск пайшоў на вызваленне фур, і я думаю, што часткай гэтага сакрэтнага пакета стане згода Літвы (як бы не прагнуўшыся, не першай) пайсці на патрэбны Лукашэнку кантакт пры пасярэдніцтве амерыканцаў, — лічыць Шрайбман. — Гэта можа быць нешта абсалютна цырыманіяльнае: могуць сустрэцца чыноўнікі, абмеркаваць праблемы ў адносінах, і на гэтым усё скончыцца, не прывёўшы да нейкага новага прагрэсу. Самой па сабе гэтай разрадкі замала для выхаду з міжнароднай ізаляцыі. Кантакты на такім узроўні, як я думаю, усё ж не накладваюць на Літву абавязання прызнаць Лукашэнку, напрыклад. Але гэта, вядома, крок на прыступку вышэй.
Дадатковым фактарам, які грае на руку беларускім уладам, сталі ўнутрыпалітычныя змены ў самой Літве. Пасля парламенцкіх выбараў 2024 года там сфармавалася новая кіроўная кааліцыя, якая складаецца з сацыял-дэмакратаў і палітычных сіл папулісцкага толку. У адрозненне ад папярэдняга кансерватыўнага ўрада, які займаў бескампрамісную пазіцыю ў дачыненні да Мінска і прызнаваў выключна дэмакратычныя сілы, новыя ўлады могуць прадэманстраваць большую гнуткасць.
— Папярэдні ўрад Літвы быў адназначны: Святлана Ціханоўская — наш партнёр, а астатняе мы пакідаем за плотам, — тлумачыць Шрайбман. — Новае кіраўніцтва — гэта своеасаблівае акно магчымасцяў для Мінска. Яно не пралукашэнкаўскае, але не настолькі ястрабінае, як папярэдняе. Але гэта дэмакратыя, і кааліцыя там хісткая. Можа, праз год там будзе новы ўрад, умоўна, кансерватараў або лібералаў, які да таго часу ўзначаляць больш па-ястрабінаму настроеныя людзі. Таму я б не канстатаваў вечнай адлігі ў адносінах Беларусі і Літвы. Але пэўная разрадка, зняцце раздражняльнікаў, вядома, магчымыя. Здаецца, што Коўл гэтым таксама актыўна займаецца, мяркуючы з ягоных кантактаў у Вільнюсе.
Чытайце таксама






