На волю з калоніі выйшлі 250 палітвязняў. Пра гэта стала вядома 19 сакавіка з паведамлення прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі.
«Прэзідэнтам прынятае рашэнне пра памілаванне шэрагу асоб, асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці. У першую чаргу традыцыйна кіраўнік дзяржавы кіраваўся прынцыпам гуманізму. І, вядома ж, улічваў звароты, якія паступілі ад маці, жонак і блізкіх асуджаных. Таксама неабходна падкрэсліць: усе звароты да ўнясення прэзідэнту былі падрабязна разгледжаныя адпаведнай камісіяй пад кіраўніцтвам генпракурора. Падчас прыняцця рашэння кіраўнік дзяржавы ўлічваў і меркаванне чальцоў гэтай камісіі. У выніку прынятае рашэнне пра памілаванне 250 асоб. Усім ім дзяржава дае права на новую старонку ў жыцці», — гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамілі ў амбасадзе ЗША ў Вільнюсе, 15 палітвязняў былі вывезеныя ў Літву.
Нагадаем, 19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Палацы Незалежнасці са спецыяльным пасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Падчас перамоваў ён заявіў, што Мінск гатовы прытрымлівацца дамоўленасцяў з ЗША што да палітвязняў.
Пазней стала вядома, што ЗША здымаюць санкцыі з «Белінвестбанка», Банка развіцця і Міністэрства фінансаў.
Да гэтага Лукашэнка сустракаўся з Джонам Коўлам 12−13 снежня 2025 года. Тады ж пасланнік амерыканскага прэзідэнта паведаміў, што ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію.
Пасля перамоваў былі вызваленыя 123 палітвязні.





