Спецпасланнік Трампа Джон Коўл апублікаваў першае фота вызваленых 19 сакавіка палітвязняў. На волю выйшлі 250 чалавек, частку з іх прывезлі ў Літву.
«На месцы, на літоўска-беларускай мяжы. Сённяшняе вызваленне 250 чалавек-значная гуманітарная вяха і сведчанне прыхільнасці прэзідэнта прамой, жорсткай дыпламатыі. Свабода — нашая мэта. Мы выказваем глыбокую падзяку нашым літоўскім партнёрам за іх ключавую ролю ў гэтай місіі», — напісаў Коўл.
Сярод вызваленых палітвязняў на фота з Джонам Коўлам: Кацярына Бахвалава (Андрэева), Кірыл Казей, Аляксандр Казлянка, Дзмітрый Кубараў, Мікалай Куляшоў, Наста Лойка, Сяргей Маўшук, Аляксей Мельнікаў, Эдуард Пальчыс, Марфа Рабкова, Кім Самусенка, Павел Шпетны, Валянцін Стэфановіч, Дзяніс Жалезка, Мікіта Залатароў.
Паводле звестак крыніцы «Люстэрка», са 250 вызваленых палітвязняў 235 чалавек былі вызваленыя ўнутры краіны, а 15 адпраўленыя ў Літву.
Нагадаем, 19 сакавіка спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл прыязджаў у Мінск на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пасля гэтага стала вядома, што на волю выйшлі 250 палітвязняў, частку з іх перавезлі ў Літву. Акрамя таго, па выніках перамоваў ЗША здымаюць санкцыі з «Белінвестбанка», Банка развіцця і Міністэрства фінансаў.




