Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У гонар яго названыя вуліцы амаль у двух дзясятках беларускіх гарадоў. Яго імя носіць плошча ў цэнтры Мінска, тамсама знаходзіцца аднайменная станцыя трэцяй лініі сталічнага метро. У 2025-м улады анансавалі, што ўключаць яго ў «пантэон нацыянальных герояў» Беларусі. Але пры жыцці ён пасля ўдзелу ў паўстанні 1863 года вымушана з’ехаў за межы роднага краю на два дзесяцігоддзі, а за савецкім часам яго творы былі забароненыя. Расказываем пра легендарнага Францішка Багушэвіча, які нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года.

Герой Караткевіча

«…Найбольш звяртаў на сябе ўвагу аднакласнік Вацлава, невялічкі расточкам, трохі цельпукаваты шляхцюк. Аб ім па сакрэту Вацлаў сказаў Сабіне:

— Ведаеце, ён у пятым быў другі год. Ён вельмі разумны, але хваравіты і бедны і часта думае там, дзе думаць забаронена: у касцёле, у класе. Яму ёсць аб чым думаць. А яго падловяць і злуюцца. І смяюцца часам. Я над ім апякуюся. І заўсёды яго выстаўляю з лепшага боку. І хлопцы пачалі паважаць. А я з ім яшчэ гімнастыкай займаюся — і ён стаў зграбнейшы.

Трохі смешны, лабасты, але худы ў шчоках і востры ў падбароддзі, гэты хлопец наіўна цікаваў на свет вузкімі, як шчылінкі, глядзелкамі, якія нібыта толькі што прарэзаліся. Смешнае, сімпатычнае барсучаня. Звалі яго Франц Багушэвіч».

Так Уладзімір Караткевіч у сваім славутым рамане «Каласы пад сярпом тваім» апісваў будучага славутага пісьменніка.

Нарадзіўся Багушэвіч у Свіранах — вёсцы, якая належала бацькам яго маці (цяпер гэта вёска Свіроніс у Вільнюскім раёне Літвы). У сям'і было васьмёра дзяцей, але да сталага ўзросту дажылі чатыры сыны і дачка. Праз шэсць гадоў сям’я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны (цяпер аграгарадок Смаргонскага раёна). Там Францішак правёў маленства і адтуль разам з братам, малодшым за яго на год, паехаў вучыцца ў Віленскую гімназію, пра якую і ішла гаворка ў рамане.

Сярод вучняў гэтай установы браты Багушэвічы фігуравалі ў спісе «няздольных уносіць устаноўленую за навучанне плату». Сям’я была шляхецкая, але небагатая. Затое атачэнне радавала: у адныя часы з Францішкам па калідорах гімназіі хадзілі Цітус Далеўскі — у будучым паплечнік Кастуся Каліноўскага, пакараны смерцю за ўдзел у паўстанні, і Зыгмунт Мінейка — у будучыні яшчэ адзін удзельнік паўстання і нацыянальны герой Грэцыі.

Франтишек Богушевич. Фото: wikipedia.org
Францішак Багушэвіч. Фота: НГМРБ, commons.wikimedia.org

У 1861 годзе Францішак скончыў гімназію ў ліку чатырох найлепшых выпускнікоў, атрымаў права на чын XIV класа «Табелі аб рангах» (паводле расійскага закону ўсе вайсковыя, цывільныя і прыдворныя чыны дзяліліся на 14 класаў, дзе першы клас быў найвышэйшы, а 14-ы — найніжэйшы). Аднак 20-гадовы хлопец хацеў займацца не дзяржслужбай, а навукай і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта на спецыяльнасць «астраномія». Як і ў гімназіі, ён папрасіў вызваліць яго ад выплаты грошай.

Аднак пачаць вучыцца беларус не паспеў. Якраз восенню 1861-га ва ўніверсітэце пачаліся хваляванні — першыя арганізаваныя выступленні студэнтаў Расійскай імперыі. Яны адмаўляліся пачынаць вучобу ў знак пратэсту супраць правілаў (іх прымушалі наведваць лекцыі, што было парушэннем акадэмічных свабодаў), але глабальна гаворка ішла пра неабходнасць рэарганізаваць вышэйшую школу.

У выніку ў лістападзе Багушэвіч напісаў заяву на імя рэктара з просьбай адлічыць яго з універсітэта «з прычыны цяжкай хваробы» і «неспрыяльнага клімату», каб паводле парады доктара паехаць дадому. Гэта аказалася абачлівым рашэннем: ужо ў снежні ўніверсітэт часова закрылі, а пяцёх найбольш актыўных студэнтаў — удзельнікаў пратэстаў выслалі ў аддаленыя губерніі Расіі. Хлопец вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся настаўнікам у школу, адкрытую на Лідчыне ўладальнікам аднаго з маёнткаў.

Паўстанец і эмігрант

А праз год у Беларусі грымнула вызваленчае паўстанне 1863-га.

Пра ўдзел Багушэвіча ў ім вядома няшмат: ён далучыўся да аднаго з атрадаў, быў паранены ў нагу ў Аўгустоўскай пушчы (на мяжы сучасных Беларусі, Польшчы і Літвы) — і быў вымушаны ўцякаць. Тым больш што рэпрэсіі не абмінулі яго сям’ю: бацьку, сястру і аднаго з братоў больш за год (ад лістапада 1863-га да снежня 1864-га) трымалі ў турме пад следствам. Мяркуючы па ўсім, прамых доказаў паўстанцкай дзейнасці Францішка ўлады не мелі. Таму ён збег не за мяжу, а проста падалей ад цэнтру падзей, каб выпасці з поля ўвагі тых, хто пераследаваў паўстанцаў.

Францішак Багушэвіч. 1863 год. Фота: НГМРБ, commons.wikimedia.org
Францішак Багушэвіч. 1863 год. Фота: НГМРБ, commons.wikimedia.org

Так малады чалавек апынуўся ва Украіне, якая таксама знаходзілася ў межах імперыі. У горадзе Нежыне (цяперашняя Чарнігаўская вобласць) ён паступіў у юрыдычны ліцэй. У праграме не было ніводнага тэарэтычнага прадмета з галіны права — ні рымскага, ні міжнароднага (была толькі «энцыклапедыя заканадаўства» — па сутнасці, уводзіны ў юрыспрудэнцыю). Навучэнцы цягам трох гадоў проста штудыравалі звод законаў Расійскай імперыі, паводле тамоў якога былі размеркаваныя кафедры ліцэя. Зрэшты, якраз гэта ў той краіне і патрабавалася для кар’еры.

Багушэвіч зноў папрасіў вызваліць яго ад платнага навучання, але яму адмовілі: не засталося бясплатных месцаў. У Нежыне працаваў лекарам сваяк па маці, які, відаць, дапамагаў хлопцу, але зарабляць грошы ўсё адно было трэба — і Францішак займаўся рэпетытарствам. У 1868-м ён скончыў вучобу і адразу ўладкаваўся на працу судовым следчым. За наступныя дзесяцігоддзі ён непрацяглы час служыў у Валагодскай губерні Расіі, але збольшага працаваў ва Украіне, у тым ліку ў Чарнігаве і Канатопе (сучасная Сумская вобласць).

Акурат гэтаму перыяду прысвечаная аповесць Васіля Хомчанкі «Пры апазнанні — затрымаць», ці не адзіны літаратурны твор, дзе сам Багушэвіч — галоўны герой.

Вярнуцца ў Беларусь Францішак нават не спрабаваў: да пачатку 1870-х там захоўвалася ваеннае становішча, уведзенае пасля падаўлення паўстання. Адносна ліберальныя рэформы імператара Аляксандра II да Беларусі амаль не даходзілі. Рызыкаваць і трапляцца на вочы паліцыі ці стаць ахвярай даносу кагосьці, хто ведаў пра яго былыя справы, Багушэвіч не хацеў.

Францішак Багушэвіч (злева) з судовым прыставам Міхайлам Насенкам. Чарнігаў, 1876 год. Фота: НГМРБ, commons.wikimedia.org
Францішак Багушэвіч (злева) з судовым прыставам Міхайлам Насенкам. Чарнігаў, 1876 год. Фота: НГМРБ, commons.wikimedia.org

Аднак у той час арганізацыя «Народная воля» зладзіла сапраўднае паляванне на расійскага манарха, і ўрэшце беларус Ігнат Грынявіцкі ў 1881-м забіў яго. У глабальным плане гэта хутчэй была падзея са знакам мінус: перад смерцю імператар меў намер прыняць Канстытуцыю, якая прадугледжвала стварэнне прадстаўнічага органа ўлады з чыноўнікаў і прадстаўнікоў губерняў. Гэта быў бы першы крок да сапраўднага парламента. Наступнік забітага, Аляксандр III, адразу ж спыніў гэты праект.

Але праз год, у 1883-м, імператар абвясціў амністыю, даўшы ўдзельнікам паўстання (акрамя тых, хто быў асуджаны за забойствы) магчымасць вярнуцца на радзіму, жыць без нагляду паліцыі і паступаць на дзяржаўную і выбарную грамадскую службу. Багушэвіч не быў асуджаны, а цяпер небяспекі таго, што яго будуць пераследаваць за мінулае, больш не мелася зусім. Шлях дадому нарэшце — праз дваццаць гадоў — быў адкрыты.

Адвакат

У пачатку 1884-га Багушэвіч — кавалер ордэна святога Станіслава 3-й ступені, калежскі саветнік (гэта ўжо быў чын шостага класа) — падаў у адстаўку, а ў сакавіку пераехаў у Вільню. Разам з ім былі жонка Габрыэля, родам з Мінска (яны былі жанатыя ўжо дзесяць гадоў), і двое дзяцей — дачка і сын.

Францішак стаў працаваць адвакатам у Віленскім акруговым судзе. Цікава, што той размяшчаўся ў будынку, дзе потым працавала газета «Наша Ніва» — стваральнікі якой прыйшлі да беларушчыны, натхніўшыся ў тым ліку ідэямі нашага героя.

«Багушэвіч быў чалавекам праўдзівым і справядлівым. Нават працуючы адвакатам у Вільні, ён не скаціўся да „п'явачных працэдур“ з кліентамі, не імкнуўся высмактаць з іх усё, што можна. Пераважная большасць яго падабаронных былі сяляне», — расказваў Алесь Жамойцін, загадчык музея-сядзібы Багушэвіча ў Кушлянах.

Францішак Багушэвіч. 1889 год. Фота: bellitmuseum.by, commons.wikimedia.org
Францішак Багушэвіч. 1889 год. Фота: bellitmuseum.by, commons.wikimedia.org

У 1892 годзе адзін з беларускіх сялян нават пакінуў на імя старшыні суда наступную заяву: «Прысяжны павераны п[ан] Багушэвіч, родам з тутэйшых мясцін, хаця і не ведае мяне, але вядомы мне сваёй памяркоўнасцю і спагадлівасцю выслухоўваць на роднай беларускай гаворцы тых, хто звяртаецца да ягонай дапамогі ў абароне, таму, пры маёй неразвітасці, старэчых гадах і ўжо тугаватасці на вуха, я, просьбіт, быў бы зусім шчаслівы, калі б выбар выпаў на яго». «Весці справу Вольскага задарма згодзен», — напісаў Багушэвіч на той заяве.

Паводле словаў Жамойціна, у судовай практыцы Багушэвіча быў цікавы эпізод. Судзілі пажылога мужчыну. Той сказаў суддзі, што яму цяжка сядзець там, дзе звычайна знаходзяцца злачынцы, і папрасіў перасесці. Яму адмовілі. Але Багушэвіч, каб падтрымаць яго, перасеў з адвакацкага месца на лаву падсудных і адтуль вёў справу.

«Маючы высокі стан у грамадстве, ён ніколі не задзіраў носа перад мужыкамі. Калі людзі прыязджалі да яго на прыём у Кушляны, Багушэвіч сустракаў іх у звычайнай сялянскай світцы», — дадаваў Жамойцін. Аднойчы да паэта завітаў кліент, які застаў яго за працай ля дома. Спытаў, дзе адвакат. Багушэвіч адказаў, што зараз пакліча яго. Пайшоў у дом, пераапрануўся, выйшаў да кліента і сказаў: «Я вас слухаю».

Аўтограф верша Францішка Багушэвіча «Маліся, бабулька, да Бога». Фота: Дом-музей у Кушлянах, commons.wikimedia.org
Аўтограф верша Францішка Багушэвіча «Маліся, бабулька, да Бога». Фота: Дом-музей у Кушлянах, commons.wikimedia.org

Вялікіх ганарараў ад сялян Багушэвіч атрымаць не мог, а шмат каму дапамагаў бясплатна, таму грошай не хапала. У лістах да свайго сябра, навукоўцы Яна Карловіча, ён скардзіўся: «Матэрыяльная нястача наведвае перыядычна, і цяпер знаходжуся пад яе моцным ўплывам; перамена можа наступіць праз колькі месяцаў». А праз паўгода ён пісаў наступнае: «Частку майго доўгу 100 р. — адсылаю, стакроць дзякую пану за дапамогу; застаюся вінаваты яшчэ 350 р., якія пастараюся даслаць у дамоўлены тэрмін. Я даўно б разлічыўся, калі б мяне не расчаравалі паважаныя грамадзяне-кліенты! У нашай прафесіі штораз цяжэй здабываць хлеб, і не ведаю, што будзе пад старасць, якая ўжо ля дзвярэй».

Пісьменнік

Адвакацкая практыка была спосабам (хоць трохі) зарабіць на жыццё, а вось для душы Францішак Багушэвіч займаўся літаратурай.

Калі ён пачаў пісаць і на якой мове, дакладна невядома. Даследчыкі выявілі некалькі паэтычных спробаў па-польску, датаваных 1885-м. Тады іх аўтару было ўжо 45 гадоў — магчыма, нешта ён пісаў і раней, але слядоў гэтага не засталося. У тым жа годзе ў польскім часопісе Kraj, што выдаваўся ў Пецярбургу, з’явілася яго першая публікацыя. Адвакат пісаў пра «зніжэнне цэн на збожжа» і «адпаведнае зніжэнне кошту на ўсе сельскагаспадарчыя прадукты і мясцовыя вырабы» і г. д. За наступныя сем гадоў Kraj змясціў звыш паўсотні артыкулаў і нататак Багушэвіча, якія выходзілі пад шматлікімі псеўданімамі.

Але гэта была свайго роду журналістыка, а вось надрукаваць уласна літаратурныя творы было цяжэй. Яшчэ ў 1859 годзе ўлады забаранілі выдаваць украінскія кнігі лацінскім алфавітам, пасля распаўсюдзілі гэтае рашэнне і на Беларусь. У 1863-м цэнзура забараніла друкаваць па-ўкраінску кнігі духоўна-маральнага зместу, а з 1878-га — нават увозіць у імперыю кнігі на ўкраінскай і ўвогуле друкаваць на ёй і арыгінальныя творы, і пераклады. Гэтыя абмежаванні таксама распаўсюдзілі і на беларускія кнігі. З-за гэтага цягам 1860−1880-х гадоў у імперыі не апублікавалі ніводнага літаратурнага твора па-беларуску (за выключэннем фальклорных зборнікаў, якія выпускаліся Расійскай акадэміяй навук).

Кніга Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» (арыгінал лацінкай: Dudka białaruskaja), 1891 год. Фота: commons.wikimedia.org
Кніга Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» (арыгінал лацінкай: Dudka białaruskaja), 1891 год. Фота: commons.wikimedia.org

Між тым як украінцы, так і літоўцы друкавалі свае кнігі за мяжой, пасля чаго перапраўлялі іх на радзіму кантрабандай. Гэтым жа шляхам пайшлі і беларусы. У 1891 годзе ў Кракаве, які тады належаў Аўстра-Венгрыі, на лацінцы з’явілася першая кніга Багушэвіча — «Дудка беларуская», падпісаная псеўданімам Мацей Бурачок. Гэта стала адной з ключавых падзей для станаўлення беларускай нацыі.

«Паэт абвясціў пра існаванне самастойнай і паўнацэннай беларускай мовы, акрэсліў тэрыторыю яе распаўсюджвання, папярэдзіў, што страта роднай мовы прывядзе да знікнення беларускага этнасу. Паэт з гонарам згадваў мінулае Беларусі, калі яна разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх нападаў, а пасля ўтварэння дзяржавы Гедыміна (ВКЛ. — Заўв. рэд.) апынулася ў сярэдзіне Літвы як „тое зярно ў гарэху“. Упершыню ў гэтай прадмове ўсе этнічныя беларускія землі атрымалі назву „Беларусь“», — адзначаў гісторык Алесь Смалянчук. На яго думку, Багушэвіча можна лічыць адным з піянераў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння.

Менавіта ў прадмове да «Дудкі беларускай» былі знакамітыя радкі: «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

На гэтым Багушэвіч не спыніўся. У 1892 годзе ў той жа кракаўскай друкарні з’явілася апавяданне «Тралялёначка». Прозвішча аўтара або псеўданіма на вокладцы не было, і даследчыкі потым некалькі дзесяцігоддзяў даводзілі аўтарства Францішка. У 1894-м у Познані, якая тады належала Германіі, з’яўляецца другі яго паэтычны зборнік «Смык беларускі», падпісаны гэтым разам новым псеўданімам — Сымон Рэўка з-пад Барысава.

«Ня раўня я Бурачку, ён лепей, можа, знае жыццё мужыцкае, больш, можа, відзеў і чуў; але так мне спадабаліся яго тыя вершы, што і я здумаў папрабаваць што-кольвек напісаць», — іранічна пісаў сам пра сябе Багушэвіч.

Открытка времен БНР. Фото: wikimedia.org
Паштоўка часоў БНР. Фота: commons.wikimedia.org

Усе гэтыя кнігі карысталіся папулярнасцю, бо іншых выданняў па-беларуску амаль не было. Багушэвіча падтрымлівалі прадстаўнікі мясцовай эліты. У 1896-м «Дудку беларускую» перавыдалі ў Кракаве — грошы на тое даў прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Зыгмунт Нагродскі. Да сябе ў госці ў Гродна Францішка запрашала пісьменніца Эліза Ажэшка, якой ён чытаў свае творы.

У тым жа годзе здарыўся цуд: Францішак нечакана атрымаў ад памерлага варшаўскага сваяка спадчыну. Гэта дазволіла яму разлічыцца з пазыкамі і адбудаваць нанова занядбаную сядзібу ў Кушлянах. У 1898-м ён звольніўся з Віленскага акруговага суда, дзе ўжо выспеў востры канфлікт з некаторымі калегамі і начальствам. Цяпер аўтар мог прысвяціць сябе выключна літаратуры.

Сярод іншага Багушэвіч здаў у Віленскую губернскую друкарню зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка», напісаў зборнік вершаў «Скрыпачка беларуская». Але да чытача яны так і не дайшлі. Першы забараніла цэнзура. Другі, магчыма, надрукавалі за мяжой, але канфіскавалі на мытні. Гэтыя і іншыя творы маглі застацца ў архіве паэта, аднак дзеці паэта, якія варожа ставіліся да ўсяго беларускага, адмовіліся пусціць туды даследчыкаў і не паведамілі ніякіх звестках пра яго біяграфію. Што было ў тым архіве, так і засталося невядомым.

Класік

У красавіку 1900-га, незадоўга да гэтага адзначыўшы 60-годдзе, Багушэвіч памёр у родных Кушлянах. Пры жыцці было вядома ўсяго некалькі водгукаў на яго творы. Паўнавартасная слава прыйшла да яго ўжо пасля смерці.

«Вершы з „Дудкі беларускай“ Францішка Багушэвіча завучваліся на памяць, — згадвала актывістка Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) пра рэаліі 1910-х гадоў. — Я асабіста ведала двух такіх маладых хлапцоў. Адзін — Болек Бенеш — вывучыў некалькі вершаў, але ўлюбёным быў верш „Хрэсьбіны Мацюка“. Як жа часта яго паўтараў! Косіць — а верш гучыць на ўсю сенажаць! Другому — Хвэльку Рэпуху — больш падабаўся верш „He цурайся мяне, панічок“».

Савецкай уладзе Багушэвіч напачатку аказаўся карысным: яго вобразы прыгнечаных сялян, якія змагаюцца за годнае жыццё, вельмі адпавядалі класава зручнай для бальшавікоў карцінцы «вясковай нацыі», беларусаў у лапцях і гнілых хатках. Такія ж вобразы спрэс былі і ў айчынных фільмах міжваеннага часу, адзначала даследчыца Дар’я Сітнікава.

Аднак у 1937-м абедзве паэтычныя кнігі Багушэвіча ўнеслі ў спіс забароненых. Іх мусілі прыбраць з усіх бібліятэк і спаліць. Пасля смерці Іосіфа Сталіна сітуацыя крыху змянілася, і ў тым жа 1953-м імем паэта назвалі Ашмянскі краязнаўчы музей. Але яго Мемарыяльны музей-сядзібу ў Кушлянах адкрылі толькі ў канцы існавання Савецкага Саюза — у 1990 годзе.

Зрэшты, Багушэвіч стаў адзіным з айчынных творцаў ХІХ стагоддзя, уганараваных такім чынам. Ушанавалі яго і іншымі спосабамі: яго імем назвалі вуліцы амаль двух дзясяткаў беларускіх гарадоў. Ёсць і плошча Францішка Багушэвіча ў цэнтры Мінска, дзе знаходзіцца аднайменная станцыя трэцяй лініі сталічнага метро. У 2025-м улады анансавалі, што ўключаць яго ў «пантэон нацыянальных герояў» Беларусі.

Дом-музей Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Фота: Viktar Palstsiuk, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Дом-музей Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Фота: Viktar Palstsiuk, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Хутчэй за ўсё, вы не чыталі ў дарослым узросце твораў Багушэвіча. Але нічога дзіўнага ў гэтым няма. Ва ўмовах татальнай русіфікацыі беларуская мова захоўвалася ў першую чаргу ў вёсцы, таму Францішак пісаў для сялян. Аднак такая арыентацыя, як адзначаў даследчык Ігар Запрудскі, адбівалася на мастацкіх вартасцях твораў, абумоўлівала іх «своеасаблівы прымітывізм». «Калі свядомы ўлік публікі зойме колькі-небудзь сур’ёзнае месца ў творчасці паэта, — яна непазбежна страціць сваю мастацкую чысціню і дэградуе ў ніжэйшы сацыяльны план», — цытаваў Запрудскі расійскага філосафа Міхаіла Бахціна і дадаваў ад сябе, што з-за свядомай стаўкі на нізкі ўзровень чытачоў пераважна назіраўся «дэфіцыт сапраўды высокамастацкіх твораў».

Творы Багушэвіча сапраўды ўспрымаюцца вельмі простымі. Напрыклад, згадаем верш, якім адкрываецца зборнік «Смык беларускі».

Ох, дайце ж мне смык,

Каб усюды граў!

Хоць бы сам я знік,

Абы голас даў;

Каб той голас чуць

Па ўсёй зямлі,

Гдзе людзі жывуць,

Гдзе даўней жылі!

Фрагмент з верша Францішка Багушэвіча «Смык»

Але гэтая прастата не віна Багушэвіча. Яго творы адпавядалі свайму часу і ўзроўню развіцця мовы літаратуры ў Беларусі, якую доўга душылі рэпрэсіямі і русіфікацыяй. Зрэшты, у цэлым біяграфія гэтага чалавека, які адыграў велізарную ролю ў станаўленні нашай дзяржавы і культуры, цікавейшая за яго чыста літаратурны наробак. Паэт Рыгор Семашкевіч калісьці так сказаў пра Багушэвіча: «На ўсю Беларусь мільён пракурораў і толькі адзін, толькі ён — адвакат».